адм.-тэр. адзінка ў 15—20 ст. у ВКЛ (называўся Новагародскім пав.), Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Навагрудак (Новагародак). У 1-й пал. 16 ст.тэр. павета фактычна супадала з тэр.Навагрудскага ваяводства, у складзе якога павет знаходзіўся з 1507. Паводле прывілея вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста ад 30.4.1565 упершыню вызначаны межы Н.п., які стаў адным з 3 паветаў ваяводства. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) Н.п. уключаны ў склад Рас. імперыі; быў у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай, з 1842 у Мінскай губ. У сярэдзіне 19 ст.пл. павета 976 кв. міль, або 457,7 тыс. дзесяцін. У 1861 складаўся з 24 валасцей, 111 сельскіх грамад; нас. 135 435 чал. (самы густанаселены павет Мінскай губ.). Паводле веравызнання правасл. 71%, католікаў 23,58, іудзеяў 4,98, мусульм. 0,43%. Паводле сац. складу сельскіх саслоўяў 83,7%, гараджан 7,3, ваенных 4,3, дваран 4,4, духоўных асоб 0,4%. У 1866 у Н.п. працавала 57 прамысл. прадпрыемстваў: 34 вінакурныя, 15 цагельных, 5 шкіпінарных, 3 піваварныя. У 1900 у павеце 19 ф-к і з-даў з агульнай колькасцю 276 рабочых. У 1891 у павеце 29 царк.-прыходскіх, 33 нар. вучылішчы. З лют. 1919 Н.п. у складзе Літ.-Бел. Рэспублікі. У крас. 1919 акупіраваны польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. У 1921 пл. 2930,2 км2, 12 гмін, насельніцтва 109 820 чал., з іх беларусаў 58,8%, палякаў 35,4, яўрэяў 5,5%. 91,3% насельніцтва жыло ў вёсках. Налічвалася 846 гаспадарак асаднікаў (1933). Дзейнічалі прадпрыемствы па перапрацоўцы мясц. сыравіны і прадуктаў сельскай гаспадаркі, буйнейшае — шклозавод «Нёман». З 1939 павет у БССР, 2.12.1939 уключаны ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 скасаваны, тэрыторыя падзелена на раёны.